СЕЗОНЫ "ФЛАМАНДСКОГО ЛЬВА"
• 2006/07
• 2007/08
• 2008/09
• 2009/10
ВСЕ ИГРОКИ И СОСТАВЫ "ФЛАМАНДСКОГО ЛЬВА"
• Selectie
ЗАЯВКИ "ФЛАМАНДСКОГО ЛЬВА"
• 2006/07
• 2009/10
ГИМН "ФЛАМАНДСКОГО ЛЬВА"
• "Стаканы"
БЛОГ "ФЛ"
• 2011
|
28-08-2012 - Выпадковыя сувязi
Яўген ЦIХАНАЎ
Столькі разоў прасіў мяне Арцём: "Напішы, Жэня, у блог". І час жа быў, і часам нават жаданьне, але — не зраслося.
Зараз я ў Іране. Я слухаю Коэна ўпершыню ў жыцьці. Сёньня я спаў у кавярні, а заўтра, можа, буду спаць на вуліцы. Тут праблема знайсьці інтэрнэт, а там дзе ён ёсьць — ад гэтага не лягчэй. "Сотка" ад Цырка да Кастрычніцкай паднімаецца хутчэй, чым тут загружаецца Гугл. Дадае пікантнасьці тое, што большасьць сайтаў заблакавана па нейкай невядомай іранскай сістэме. Акрамя зразумелых Фэйсбука і Твітэра, тут заблакаваная Наша Ніва. А Хартыя — не. Тут заблакаваны google.ru, а google.com — працуе. Сайт Фламандскага Ільва таксама заблакаваны. Бо гэта — выпадак.
Я пішу пра выпадак, бо гэта важна для мяне. Гэта маё жыцьцё.
Ці помніш ты, як я трапіў ва Флаамсе? Я проста стаяў з Крысьцінай на бальконе ў Мармуровай і думаў пра жыцьцё. Ці пра каханьне. Ці нават пра пытаньні, што, праўда, малаверагодна, бо на бальконе яны гучаць асабліва незразумела. Пра што я не думаў дакладна, дык гэта пра тое, што праз хвіліну да нас падыйдзе Вашкевіч. "Рабяты, чаго вы тут стаіцё? Давайце да нас, у нас вольнае месца ёсьць!" І мы даём, бо гэта — выпадак. Выпадак і тое, што ў камандзе сядзіць Баранава, якую я знаю тысячу год. Выпадак нават тое, што мы (ці толькі Крысьціна?) бярэм свае два пытаньні і атрымліваем пажыцьцёвы статус "Звёзды". Бо мы, натуральна, маглі бы быць "Каметамі", ці "Героямі", ці не быць увогуле.
Выпадак кіруе маім жыцьцём, а калі не — дык я бяру кірунак на выпадковасьць. І гэта не пасіўны swimming у жыцьцёвай плыні, гэта сапраўдны броўнаўскі рух.
Адным шэрым лютаўскім вечарам я зайшоў у кавярню "Ў". Проста так. У гэты ж час туды зайшоў мой знаёмы, які між іншым паведаміў, што зьбіраецца завязаць з усім і валіць у коласьветнае падарожжа. Выпадак. Я мог зайсьці ў кавярню на 10 хвілін пазьней, і зараз бы я быў у Менску і рыхтаваўся да вучобы. Але я ў Іране і рыхтуюся да Касьпійскага мора. А можа — да Персідскага заліва. Хто ведае.
За два тыдні да пачатку падарожжа на маёй працы выпадкова пачынаецца пажар. Ніхто не ўспрымае гэта ўсур'ёз, я здымаю ўсё на відэа. У мяне і думкі няма, што гэта можа быць камусьці цікава, я здымаю для сябе. Але выпадкова ў гэты момант побач аказваецца сябра, які выкладвае відэа ў інтэрнэт. Я ведаю, чым гэта можа скончыцца, але мне цікава: што будзе далей? Далей усё ясна, мяне звальняюць. Абсалютна невыпадкова.
Я выпраўляюсь ў падарожжа з 20$ замест плянаваных 500$. І гэта не дрэнна, гэта выпадак. Гэта жыцьцё.
зараз я пішу для Флаамсе, а мог бы не пісаць больш ніколі. Ці чуў ты пра страшную паводку ў Краснадарскім краі ў ліпені? Я праехаў так блізка, што ледзь не пырскі падалі на твар. Але — але.
10 жніўня пад вечар я ў Іранскім горадзе Тэбрыз. Іду ў госьці, юзаю інтэрнэт, адпачываю. Разьвітваюсь. На самым выезьдзе з гораду мяне зноў запрашаюць ў госьці. Ледзь не першы раз за падарожжа я адмаўляюся. Таму, што на вуліцы добрае надвор'е, таму што я хачу ісьці, таму... да без прычынаў! Проста так. Проста так я лаўлю машыну прама да Тэграна. Проста так на наступны дзень у Тэбрызе землятрус у 6,4 балла. Проста так гінуць 306 чалавек, дзесяткі вёсак разбураныя ўшчэнт. Гэта — выпадак.
Кажуць, нельга бясконца гуляць з лёсам. Але ў мяне няма лёсу, ёсьць я і ёсьць выпадак.
І мне здаецца, я знаю, за што я люблю Флаамсе.
За тое, што пра гульню часьцяком я даведваюся ад Арцёма за 3 гадзіны да пачатку.
За тое, што я ніколі не ведаю, з кім я буду гуляць сёньня.
За тое, што Баранава можа спазьніцца на 7 пытаньняў... а магу спазьніцца я.
За тое, што мы можам зрабіць "Аматараў", а можам і не. І хаця я нават ня ведаю прычынаў спаборніцтва, гэта прыцягае.
За тое, што ў габрэяў мы можам адказаць "Давід", а можам — "Саламон". І тут не ўгадаеш.
Чаму гэта важна для мяне, прасынацца кожны дзень у новым месцы? Чаму я запісваю музыку на плэер акуратна па тэчках, а потым уключаю рандом? Чаму мне падабаецца безмэтава бадзяцца па незнаёмых вулачках? Не знаю. Але калі раптам я пачну жыць згодна са схемай, калі набуду сабе арганайзер і буду планаваць водпуск за паўгода — прашу, пакінь выпадкова запалку на новым дыване ў маёй кватэры. І я пачну з нуля.
P.S. Прабач, Арцём. Я даведаўся пра твой дзень народзінаў толькі сёньня, калі захацеў даслаць табе гэты тэкст. выпадкова, ты ж ведаеш. таму я прысьвячаю яго табе у якасьці падарунка. Віншую.
Используются технологии uCoz
|
|